Гістарычны цэнтр «Мозырскі замак», Мазырскі аб'яднаны краязнаўчы музей

16 верасня 2005 года быў адкрыты дэкаратыўна аформлены гістарычны цэнтр «Мазырскі замак», які ўяўляе сабой унікальны музей, дзе экспазіцыяй з'яўляецца ўся ландшафтная зона з архітэктурна-планіровачнай забудовай. У трох вежах размясціліся экспазіцыі: «Зброевая», «Паляўнічая», «Адміністрацыйная». У святочныя і выхадныя дні музей прапануе знаёмства з гістарычнай і культурнай спадчынай, народнымі промысламі і рамёствамі, традыцыямі Мазыршчыны.

На тэрыторыі Замка арганізавана экскурсія «Падарожжа ў сярэднявечны Мазыр», якая знаёміць наведвальніка з гісторыяй горада з першага ўпамінання ў летапісе да пачатку ХХ стагоддзя. Штогод у перыяд навагодніх і калядных свят працуе рэзідэнцыя братоў Дзядоў Марозаў: праводзіцца тэатралізаваны паказ з удзелам Дзеда Мароза Сіняга Носа, Дзеда Мароза Чырвонага Носа, Снягуркі і іншых казачных персанажаў з конкурсамі, рухомымі гульнямі.

Па папярэднім запісе праводзіцца вясельны абрад для маладых «Рамантыка Сярэднявечча». Так званы тэатралізаваны паказ з удзелам персанажаў у гістарычных касцюмах («князь і княгіня») з урачыстым віншаваннем, конкурсамі для маладых і гасцей.